Архіў навін - Новодевятковичская CШ

Архіў навін

12.05.18

Фестываль сямейных традыцый

Сям’я спрадвек была найвялікшай каштоўнасцю ў нашых продкаў. А для таго “каб гэты скарб не збрыў дзе прэч” (па словах Янкі Купалы), не падмяніўся іншым ілжэнапаўненнем гэтага вялікага слова СЯМ’Я, у Новадзявяткавіцкай сярэдняй школе было арганізавана мерапрыемства “Фестываль сямейных традыцый”. Дзесяць сямей прадставілі свае сямейныя хобі: тут былі спартыўныя дынастыі каратыстаў і баскетбалістаў (сем’і Архіпавых і Блізнюк), рыбалавецкімі сакрэтамі дзяліліся прадстаўнікі сем’яў Праўдзік і Іотчык (дарэчы, заядлым рыбаловам тут выступіла мама, Алеся Віктараўна), майстар-клас у рукадзеллі прадэманстравала сям’я Грыпіч, з прэзентацыямі сваіх традыцый выступілі сем’і Казушчык і Акіменка, сто сем гадоў педагагічнага стажу налічыла сямейная дынастыя Хоміч, шчымлівымі пачуццямі напоўніліся сэрцы прысутных пры вітанні сям’і Шамбурскіх, у якой выхавалася шасцёра прыёмных дзяцей, а заключным акордам першай часткі мерапрыемства (“Жывая размова аб самым галоўным”) стала музычнае папуры на народных інстументах сям’і Жук.

Завяршыўся дзень сямейным кірмашом “Сямейных рук стараннем…”, дзе можна было пачаставацца разнастайнымі ласункамі: ад салодкіх прысмакаў да шашлыкоў. У якасці падарункаў на памяць сем’ям уручылі рамкі з фотаздымкамі, зробленымі падчас мерапрыемства.

Гэта быў сапраўды фестываль дабра, святла, пазітыву, сямейнага шчасця. Напярэдадні Міжнароднага дня сям’і хочацца пажадаць: дык няхай жа застаюцца панаваць у нашых сем’ях тыя спрадвечныя паняцці сямейнасці, якія сапраўды з’яўляюцца непадробным дыяментам, сродкам выхавання будучага сем’яніна.

https://youtu.be/vJO3vNCaTog - слайд-шоу “Па старонках сямейнага свята”